Беларуская батлейка жыве і жартуе

Напярэдадні Новага года батлейка Беларускага тэатра “Лялька” ўзбагацілася новымі персанажамі і сюжэтамі.

Чароўная скрыня, створаная галоўным мастаком тэатра Аляксандрам Сідаравым, змясціла герояў народных інтэрмедый, выразаных Дзмітрыем Гаралевічам. А Ганна Сцепанец і Валерый Зімніцкі пры дапамозе Дар’і Зімніцкай, дадалі да класічнага “Цара Ірада” цэлы шэраг вобразаў, уласцівых для традыцыйнага народнага тэатра Віцебшчыны. Змянілася і музычнае афармленне спектакля. Тэксты інтэрмедый узятыя з запісаў фальклору, зробленых вядомымі краязнаўцамі ў ваколіцах Віцебшчыны напрыканцы пазамінулага стагоддзя.

Цікава, што па іроніі лёсу прэм’ера новага варыянту відовішча адбудзецца ў Санкт-Пецярбургу падчас міжнароднага фестывалю «Рождественская мистерия» пры Расійскім Этнаграфічным музеі, дзе захоўваецца арыгінал знакамітай магілёўскай батлейкі ХІХ стагоддзя, па ўзоры якой Аляксандр Сідараў выразаў колісь батлейку Беларускага тэатра “Лялька”.

Ну а пасля Новага года артысты з задавальненнем пакажуць вынік сваёй працы ўсім жадаючым. Групавыя заяўкі прымаюцца па тэлефонах 62-50-50 і 67-34-61.